Менск руліць
November 24th, 8:32
Горш за эпідэмію можа быць толькі паніка
November 3rd, 10:18
Зрэшты, горш за эпідэмію можа быць толькі паніка. Сёння злавіў сябе на думцы, што апошнія пару дзён жыву ў страху: а раптам якая бацыла скокне? Гэтая думка выядае нервы і сілы горш за грып. Таму варта проста займацца прафілактыкай, а не істэрыць. Бо калі псіхалагічна настройваешся на тое, што вось-вось звалішся з капытоў ад хваробы, дык так і здарыцца. Не трэба клікаць ліха на сваю галаву.
Адзінае, што цяпер выклікае ў мяне сапраўдны непакой, дык тое, што жонка цяжарная. І яшчэ пару месяцаў да дэкрэту яна будзе працаваць у школе. Але стараюся яе лішне не баламуціць.
Уступай у БРСМ, хадзі ў боўлінг-клуб!
October 24th, 11:38
Я фігею без баяна. Гэта ў нас такая багатая краіна, што настаўнікі з боўлінг-клубаў могуць не вылазіць?
Уявіце сабе сітуацыю: выходзяць са школы пасля ўрокаў дзве вучыцелькі, і паміж імі адбываецца прыкладна такі дыялог:
- Таццяна Іванаўна, вы куды сёння ўвечары ідзяце? Мо давайце разам у спа-салон прагуляемся?
- Не, дзякуй, Нінэль Сцяпанаўна! Я там ужо была ўчора. А сёння мы разам з настаўніцам матэматыкі сёння дамовіліся схадзіць у боўлінг-клуб - хачу расслабіцца пасля ўрокаў. Дый для сяброў БРСМ там зніжка...
- Але ў суботу пасля ўрокаў я вас чакаю на барбэкю!
Пасля гэтага 1-я сядае ў "Паршэ", а 2-я - у "Мэрсэдэс" і раз'язджаюцца ў розныя бакі.
Бойцеся мараў. Яны здзяйсняюцца.
October 22nd, 12:33
Я гадоў сем таму, калі яшчэ школу заканчваў, хацеў стаць журналістам. Але не атрымалася. За гэты час з'явіліся іншыя інтарэсы, зацікаўленасці. Пра журналістыку і думаць забыў. А тут на табе: уладкаваўся на чвэрць стаўкі ў газету.
Вось табе і гацаца...
Мой боль - электраправодка...
October 19th, 9:52
М. Булгакаў, "Собачье сердце"
Меру сваёй залежнасці ад дасягненняў тэхнічнага прагрэсу найбольш востра адчуваеш тады, калі зранку стаіш, намылены, пад душам, а ў гэты момант гасне святло. Сацыяльныя стандарты ў дзеянні, бляха-муха... Добра, што хоць ваду не вырубілі.
Усё-ткі дарма я сцябаўся з савецкіх будаўнікоў. Тое, што рабілі яны - проста казка ў параўнанні з тым, што "лепяць" іх сучасныя калегі. Мы з жонкаю жывем у доме, збудаваным дзесьці ў канцы 90-х. Планіроўка кватэры, канечне, неблагая. Прынамсі, седзячы на кухні, не чуеш фізіялагічных гукаў з прыбіральні. Але з электрычнасцю вечна праблемы. Адно, калі праз нейкую аварыю вырубаецца паўраёна. Прынамсі, не так крыўдна. Але зусім іншае, калі штовечару лямпачка ў тваёй жырандолі пачынае мільгацець, нібы гірлянда на каляднай ялінцы. А бесперапыннік, праз які сілкуецца камп'ютэр, сваім піскам выдае сігналы азбукі Морзэ. Каб не гэты прыборчык, камп'ютэр ляснуўся б ужо разоў дзесяць. Уся праблема - у няякаснай электраправодцы. Толькі ў нас могуць падключыць правады да рубільнікаў на размеркавальным шчытку на лесвічнай пляцоўцы так, што, вымыкаючы электрычнасць у сваёй хаце, ты адначасова вырубаеш паўкватэры суседзям. А да самога размеркавальнага шчытка без гумовых пальчатак лепей не падыходзіць, калі не хочаш атрымаць 220 у зубы...
Плюс да таго каля дома прарвала цеплатрасу. Акурат перад выхаднымі. Два дні прасядзелі з халоднымі батарэямі. Зараз пад вокнамі працуе экскаватар. Капаюць...
Я ў Амерыцы не быў. Але калі верыць навінам з-за акіяну і галівудскім фільмам, дык там адключэнне электрычнасці адбываецца ў двух выпадках: 1) тэрарыстычная атака; 2) аварыя, падчас якой вырубаецца святло як найменш у 7-10 штатах. "Вой!!! Джон!!! Май дарлінг!!! У нас згасла лямпачка! Я баюся! Што здарылася? Гэта нейкая катастрофа!!!" - "Цішэй, май хані! Тэрмінова набірай 911! А я адвяду дзяцей у бяспечнае месца! Я кахаю цябе!" Ну і далей паводле сцэнару. З'яўляюцца верталёты, паліцэйскія, агенты ФБР, служба выратавання, Грынпіс і г.д.
Жывучы ў такім доме, як наш, да падобных драбніц ставішся абсалютна спакойна. Усё-ткі неспрыяльныя ўмовы маральна загартоўваюць :) Таму ёсць прапанова: аналагічна "Дню без аўтамабіля" правесці "Дзень без электрычнасці", "Дзень без гарачай вады", "Дзень без каналізацыі" і "Дзень без газу"! :)
Як мяне перапісвалі
October 17th, 11:47
Апошнім часам стала "трэндам" рабіць допісы пра перапіс насельніцтва. Я думаў, што мне пра гэта распавядаць не давядзецца. Але ж фіг! Ад жыцця нікуды не схаваешся.
Зайшоў я надоечы да бацькоў: проста пагаманіць дый у інтэрнэце крыху пакалупацца. Званок у дзверы. На парозе перапісчыца - маладая дзяўчына. А я па гэтым адрасе прапісаны. Адказваю на пытанні: вучуся ў аспірантуры, працую ў палацы культуры. Кіраўнік народнага клубу аматараў паэзіі "Пегас". Дзяўчына занатоўвае: "...клуб любителей поэзии и пегас".
Калі ж у нас усе перапісчыкі будуць разумець беларускую мову, ці хаця б ведаць, хто такі Пегас?!
"А спойте что-нибудь из "Эминема!", або як Мазыр сустракаў Таццяну Беланогую і Вітаўта Мартыненку
October 17th, 10:52
Агулам мы, супрацоўнікі палаца, хацелі спярша зладзіць невялічкую сустрэчу з прэзентацыяй кнігі "222 альбомы беларускага року...", пасля якой быў запланаваны вечар аўтарскай песні. Але, на жаль, без некаторых перакосаў не абышлося. Пачалося з таго, што адміністрацыя палаца культуры звярнулася да суседняй школы з прапановай запрасіць на сустрэчу з Вітаўтам Мартыненкам старшакласнікаў. У школе сказалі "Добра!" і адправілі... сёмы клас. Капец. На шчасце, крыху пазней падышлі і дарослыя аматары музыкі.
Тым не менш, варта аддаць належнае сп. Мартыненку. Канечне, у дзетак, што не чуюць нармальнай беларускай мовы нават на ўроку, чые мабільнікі забітыя папсой, а ўяўленні аб беларускай музыцы грунтуецца на песнях Саладухі, каларытная асоба музычнага крытыка выклікала лёгкі шок. Пачуўшы назвы дзясяткаў невядомых ім беларускіх гуртоў і выканаўцаў, сямікласнікі крыху прыпухлі. Калі ж Вітаўт Мартыненка сказаў, што, аказваецца, ёсць дзве беларускія мовы (наркамаўка і тарашкевіца) і што "сумка" па-беларуску называецца "кайстра", малыя канчаткова прыфігелі. Хтосьці з адсутным выглядам стаў калупацца ў мабільніку, але некаторыя палезлі ў сумкі-кайстры па сшыткі, каб узяць у крытыка аўтограф.
Не менш уразіла малых з'яўленне Таццяны Беланогай . На просьбу нейкага малога жэўжыка праспяваць "шо-нібудь із Эмінема" яна толькі пасміхнулася. І выканала некалькі сваіх песень, у перапынку паміж якімі ладзіла віктарыну, пераможцы якой атрымлівалі ў якасці прыза паштоўкі. ("А что такое "паштовка"? - дапытваўся ў сваіх аднакласнікаў нейкі хлапчынка). Нягледзячы на паказны скепсіс, якому дзеці ўжо паспелі навучыцца, яны пасля даволі доўга тоўпіліся вакол спявачкі, каб узяць аўтограф на памяць.
А пасля быў вечар аўтарскай песні. Распавядаць, як спявае Таццяна Беланогая - справа няўдзячная. Словамі гэтага не перадасі. Яе голас трэба пачуць. Уражанымі былі нават работнікі палаца, якія за свой век пабачылі нямала бардаў. Гледачоў за столікамі сабралося небагата, што надавала атмасферы канцэрту нейкую камернасць. Пагатоў, для многіх з'яўленне гасцей з Мінску было сапраўдным сюрпрызам.
Сюрпрызы, аднак, на гэтым не скончыліся. Інтрыгі дадаў вялікі цёмна-зялёны аўтазак, што раптоўна з'явіўся акурат перад уваходам у палац культуры падчас канцэрту. Раней я бачыў такія толькі ў Менску. Першая думка, што прыйшла да галавы: няйнакш нейкі стукач натрындзеў "куда нада", што ў нас тут нібыта чакаецца рэвалюцыя з браневіком і Аўрорай, а Мартыненка і Беланогая - прыехалі падбухторваць народныя масы. Ведаючы наш горад, у такое няцяжка паверыць. Не паспеў я так падумаць, як у фае матэрыялізаваліся два амапаўцы - "двое из ларца, одинаковы с лица". Я падзяліўся сваім непакоем з дырэктаркай. "Хай зойдуць ды паглядзяць - нічога забароненага мы не робім" - махнула рукой яна.
Дзе мы, арганізатары, капітальна спудлавалі, дык гэта ў рэкламе. Мала было абвестак. Зрэшты, у такім пралетарскім горадзе, як наш Мазыр, адразу зрабіць аншлаг не атрымаецца. Дый грошай у палаца амаль няма. Нават паперу даводзіцца эканоміць - друкуем сцэнары на другім баку выкарыстаных раней аркушаў. Вось так. Але наступным разам усе праколы пастараемся прыняць да ўвагі.
Калі канцэрт скончыўся, публіка разышлася. Нікога не павінцілі. Хутчэй за ўсё, людзі ў форме былі з гомельскага АМАПу, які перыядычна прывозяць у Мазыр дзеля патрулявання.
ЗЫ. Крыху пазней дадам пару фотак.
Апавяданне пра сем крэдытаў (невясёлы, але павучальны пост)
October 10th, 11:46
Ці можна ўзяць крэдыт адначасова ў сямі банках? Банкаўскі службовец у адказ на гэтае пытанне катэгарычна замахае рукамі. Не! Вы што?! У нас ёсць служба бяспекі! Мы ўсіх правяраем! Пільнасць перш за ўсё! Но пасаран!
Аднак Беларусь, насуперак меркаванням скептыкаў, - краіна неабмежаваных магчымасцяў. Толькі ў нас чалавек можа атрымаць сем крэдытаў у сямі банках цягам пары гадоў. А пасля нечакана памерці. Натуральна, не выплаціўшы грошай.
( Чытаць далей )
"Ааа! У вашага хлопчыка занадта вялікія яечкі!!!"
October 5th, 16:24
Было гэта ў нашым горадзе. Цяжарную жанчыну павялі на ўльтрагукавое абследаванне, ці, інакш кажучы, УЗІ. Каб паглядзець, ці ўсё ў дзіцяці як мае быць. Доктарка доўга глядзіць на экран, а пасля аўтарытэтна заяўляе: "У вашага хлопчыка занадта вялікія яечкі! Гіпертрафаваныя! Вам трэба рабіць аналіз на ўродства! А калі што, дык і аборт!"
"Аналіз на ўродства" - гэта аналіз, які нібыта дазваляе вызначыць, ці не мае ненароджанае пакуль дзіця якіх-небудзь "дэфектаў". Калі вынік станоўчы - некаторыя "дабразычлівыя" дактары часта угаворваюць пазбыцца малога. Маўляў, навошта ўсё жыццё з непаўнавартасным дзіцём мучыцца.
І вось гэтай ушчэнт пераляканай маме даюць накіраванне ў нейкую гомельскую паліклініку. Там яе, перш чым рабіць аналіз, зноў вядуць на УЗІ. Тамтэйшыя лекары глядзяць у манітор і рагочуць. Аказалася, што гэта не дэфектыўны хлопчык, а абсалютна нармальная дзяўчынка, якая сціскае кулачкі і трымае іх паміж ножак...
Відаць, апарат, на якім рабілі першае УЗІ, быў стары і таму не даваў нармальнага відарысу. Што датычыць аналізу "на ўродства", то бывае і так, што мамы адмаўляюцца рабіць аборт і на свой страх і рызыку нараджаюць. А ў немаўляці ўсё "уродства" часам зводзіцца да двух пальцаў, што зрасліся між сабой, або іншай дробнай фігні, якая лёгка папраўляецца скальпелем хірурга.
Самая вясёлая беларуская кніга! Іржупацтулам!
October 4th, 14:54
Усё сваё жыццё я думаў, што школьныя падручнікі – самае нуднае чытво, ад якога мухі дохнуць. Але я памыляўся. Прадстаўляю ўвазе шаноўнай грамады падручнік, які літаральна разарваў мой няшчасны мозг.
Ёсцека ў школах такі прадмет як АБЖ (асновы бяспекі жыццядзейнасці). Для тых, хто не ў тэме, нагадаю: гэта такая ціпа вельмі карысная дысцыпліна, якая вучыць дзетак паводзіцца ў надзвычайных сітуацыях, правільна пераходзіць дарогу, хавацца ад радыяцыі і г.д. Але падручнік «Основы безопасности жизнедеятельности 5-9 (10) класс» можна пачытаць і проста так, для падняцця настрою. Што я і зрабіў, будучы з лёгкага бадунца.
Найбольш пацешыў мяне раздзел “Вынужденное автономное существование”. Гэта калі выпадкова апынуўся сярод глухога лесу без пайкі і вады, а да найбліжэйшага населенага пункту пілячыць і пілячыць. То бок паўстае перспектыва рэальна склеіць ласты ад голаду і не толькі. Вось што раяць у гэтым выпадку аўтары падручніка:
Попытайтесь охотиться на мелких зверьков: ежа, крота, мышь, зайца, бобра, а также птиц: глухарей, журавлей, куропаток или более мелких. Если это не удается сделать с помощью палки или камня, попробуйте применить ловушки или силки.
Як сын заўзятага паляўнічага, скажу адно: паляваць на дзікую птушку або зайца з камнем ці палкай – гэта ўсё адно што спрабаваць збіць “Стэлс”, страляючы саплёй з рагаткі. Хаця ўсё можа быць. Калі заяц пабачыць, як вы імчыце яму напярэймы з палкай у схуднелай руцэ і галодным бляскам у вачах, то ён сам памрэ. Ад смеху.
Грамадства жахлівага падабенства
September 28th, 16:54
Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што паталагічнае імкненне апранацца з понтам - найяскравейшая прымета правінцыйнай "калгаснасці". Напрыклад, на маю сястру з яе адвольным стылем адзення дагэтуль часам пазіраюць скоса яе аднагрупніцы. Бо "адзяваецца как-та не так". Ёсць у значнай часткі нашага грамадства гэткі мяшчанскі пункцік: хоць у блін разаб'емся, але ўсё-ткі купім даражэзныя модныя "шмоткі", абы-як пашытыя "задняй правай нагой" ў шанхайскіх або стамбульскіх трушчобах. Нават калі заробак ці стыпендыя не дазваляе. Нават калі цэны на гэтае, даруйце, гаўнячча, пераходзяць усе разумныя межы. Бо модна. Бо ўсе носяць.
Менавіта з гэтай прычыны рэдкія заходнееўрапейцы, якіх нейкім ліхам заносіць у нашую правінцыю, рэзка вылучаюцца на тле тутэйшых. Бо выглядаюць яны надзвычай сціпла. Пры гэтым іх "беспантовае" адзенне куды больш якаснае за тое, чым заваленыя нашыя рынкі. А ўсё таму, што еўрапейцы не заганяюцца на гэты конт. Яны носяць тое, што ім зручна. І шчыра дзівяцца, калі бачаць, як дорага і мудрагеліста апранаецца моладзь (дый людзі сярэдняга веку) у нашай жабрацкай краіне.
Мабыць, карані гэтай з'явы варта шукаць у савецкім мінулым, калі нармальныя "шмоткі" былі дэфіцытам. Але як бы там ні было, еўрапейцамі мы станем толькі тады, калі кінем гэтыя дробныя мяшчанскія звычкі. Бо форма формай, а змест зместам.
Што робіцца ў Літве?
September 17th, 17:08
Хацеў бы спытаць парады ў тых, хто часта бывае ў Літве. З'явілася магчымасць паехаць туды, але знаёмыя пужаюць, нібы там цяпер поўны "раздрай" і разгул злачыннасці.
Ці сапраўды ездзіць у Літву цяпер так небяспечна?
Ці гэта ўсё толькі пужалкі?
Танкі за маім вакном
August 16th, 4:43
Бацька калісьці расказваў, што за савецкім часам па нашым горадзе ўночы каталіся куды больш цікавыя "гудзелкі" - ракетныя ўстаноўкі. Гэта такая здаровая ракета на вялізнай аўтамабільнай платформе. Калі яны праязджалі праз горад, паўсюль вырубалі святло, каб з варожага спадарожніка не зафоткалі сакрэтную тэхніку.
Раней былі ракеты, а цяпер - камбайны. Усё-ткі ў гэтым свеце нешта й мяняецца да лепшага.
Выпускны, блін!
June 12th, 13:52
(no subject)
June 10th, 15:16
Хачу падзякаваць усім за віншаванні. Даруйце, калі не на ўсе каменты адгукнуўся - бракавала часу. Але было вельмі прыемна.
Усе знаёмыя цяпер пытаюцца ў мяне, як сямейнае жыццё-быццё праходзіць. Прыкольна. Вечарамі жонка гуляе на кампе, а я ў майцы і спартовых штанах пстрыкаю пультам тэлевізара і лажаю ўсё запар. Акурат як Сяргей Юр'евіч Белякоў з "Нашай Рашы". Пра тэлевізію трэба сказаць асобна. Падбор каналаў (усяго іх недзе штук 15) мяне вырубіў з першых дзён. Акрамя стандартнага сацпакета (БТ, ОНТ, ЛАД і т.п.) ёсць два (!) дзіцячыя каналы, канал індыйскага кіно, канал "Камедыя", нейкі тупарыла-гумарыстычны канальчык і "Шансон-ТВ". Наяўнасць апошняга мяне асабліва цешыць. Цяпер ведаю, як выглядаюць Стас Міхайлаў, Каця Аганёк, Вілі Токараў ды іншыя культавыя выканаўцы расійскага шансону. Узнікла ідэя самому замуціць шансонавы праект. А што? Падумаеш, слыху няма. Усё адно бальшыня "шансанье" (асабліва мужыкі) не спявае, а проста гаворыць тэкст пад музыку. Апроч таго, ёсць у мяне добры прыяцель, які гэту самую музыку можа збацаць на кампе. І буду крутым шансанье. Голас у мяне басавіты. Можна задушэўнай хрыпаты крыху дадаць. Вазьму псеўданім прыкольны. Напрыклад, Валик Питерский. Так што чакайце першага сінгла. Пайду вучыцца ставіць прыгожыя аўтографы.
Якую музыку ўзяць для вясельнага відэакліпа?
April 15th, 19:14
"Не купляйце беларускага-2", або кансервы-забойцы
April 14th, 0:06
Купляйце беларускае. Калі здохнуць, дык лепей ад свайго, роднага. У кансерваванай гародніне расійскіх, украінскіх ці заходніх вытворцаў такога пакуль яшчэ не траплялася. Каб жылі мы ў Штатах, гэтыя "кансерватары" ўжо плацілі бы мільёны кампенсацыі. А ў нас нічога не дакажаш. Адзінае, што можна, - адправіць ім на мыла гнеўны ліст. Але толку?
Магу толькі папярэдзіць усіх фрэндаў, няфрэндаў, выпадковых чытачоў гэтага бложыка, каб асцерагаліся. Вытворца перцу са шклом - Барысаўскі кансервавы завод. Гандлёвая марка - "Асалода".
Краіна павінная ведаць сваіх "герояў працы".
Неспадзяваныя знаходкі
April 9th, 22:56
